Белорусский союз композиторов

 

Горелова Галина Константиновна

Кампазітар Г.К.Гарэлава – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1992), лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне музычнага мастацтва (2001), дацэнт установы адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі” – з’яўляецца членам Беларускага саюза кампазітараў з 1979 года.

Г.К.Гарэлава – адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў неарамантызму ў беларускім музычным мастацтве. Працягваючы традыцыі музычнай класікі ХХ стагоддзя, яна стварыла індывідуальны стыль, адзначаны паэтычнасцю, лірычнай экспрэсіяй, натхнёнасцю музычных вобразаў і нацыянальнай характарнасцю інтанацыі.

Сярод найбольш значных твораў Г.К.Гарэлавай тры кантаты: “Anno mundi ardentis” (“У год сусветнага пажару”) на вершы паэтаў ХХ стагоддзя, за якую ёй была прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь, кантата “Тысяча гадоў надзеі” на вершы паэтаў Х-ХХ стагоддзяў, а таксама “Лірычная кантата” на народныя беларускія тэксты.

Найбагацейшая вобразная палітра, віртуёзны бляск і трывалае майстэрства адзначаюць восем інструментальных канцэртаў Г.К.Гарэлавай: для скрыпкі, габоя, трубы, балалайкі, гітары, трамбона, альта, двух труб (“Траецкія фрэскі” – за які яна атрымала спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і канцэрта для вялікага сімфанічнага аркестра “Allegresse”, напісанага на адкрыццё новай залы  Установы “Беларуская дзяржаўная ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга філармонія”.

Прыкметнай падзеяй у беларускім музычным мастацтве канца ХХ стагоддзя стала паэма Г.К.Гарэлавай “Бандароўна” (паводле твора Янкі Купалы і народных баладаў) для вялікага сімфанічнага аркестра і аўтэнтычных народных галасоў.

Сярод твораў камернай музыкі Г.К.Гарэлавай першымі атрымалі прызнанне тыя, дзе музыка спалучалася са словам. Звяртаючыся да паэтаў розных часоў і народаў, Г.К.Гарэлава стварыла поўныя чароўнай глыбіні вакальныя цыклы на вершы паляка Стаффа і француза Беранжэ, калумбійца Лопэса і беларуса Багдановіча, бельгійца Верхарна і перуанца Вальеха, а таксама на вершы паэтэсаў Ахматавай, Геніюш, Лось, Тулупавай.

Сярод шматлікіх твораў камерна-інструментальнай музыкі асаблівае значэнне маюць тыя, якія сам аўтар вызначае як “экалагічную музыку”. Гэта саната для фартэп’яна “Да ўзлятаючай птушкі”, саната для кантрабаса, канцэртная фантазія для альта і іншыя. Гэта таксама і фартэп’янныя цыклы: “Пейзажы”, “Вячэрні альбом”, “Малюнкі на грэчаскай вазе” і іншыя. Да гэтага шэрагу можна аднесці і творы, што з’явіліся ў апошніяе дзесяцігоддзе: сюіта “Успамін пра Нясвіж” для гітары і клавесіна, “Таццянін дзень” для гітары і віяланчэлі.

Асаблівае месца ў творчасці Г.К.Гарэлавай займае музыка для ансамбляў медных духавых  і разнастайная, яркая музыка для дзяцей, якая неаднойчы вылучалася як абавязковы твор на шматлікіх дзіцячых конкурсах і, наогул, складае значную частку рэпертуару дзіцячых музычных школ.

Неаднойчы творы Г.К.Гарэлавай выконваліся за мяжой (Расія, Польшча, ЗША, Італія, Чэхія, Францыя, Балгарыя). Яе музыка выдавалася ў Расіі, Польшчы, Францыі.

gallery/бск лого 2

Ссылки: