Белорусский союз композиторов

 

Кондрусевич Владимир Петрович

Кандрусевіч Уладзімір Пятровіч нарадзіўся ў 1949 годзе ў г.Гродне. Закончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А.В.Луначарскага па класу фартэпіяна прафесара Л.П.Юшкевіча ў 1973 годзе і па класу кампазіцыі прафесара Я.А.Глебава ў 1979 годзе, пад яго ж кіраўніцтвам – асістэнтуру-стажыроўку ў 1981 годзе. З 1979 года з’яўляецца членам грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз кампазітараў”.

Творчасць Кандрусевіча У.П. характарызуецца шырынёй поглядаў і многааспектнасцю стылю. Ён з’яўляецца аўтарам опер, сімфоній,  балетаў, араторый, кантат, камерных, інструментальных, вакальных твораў, у якіх арыгінальнасць задумы арганічна спалучаецца з шырокім выкарыстаннем сродкаў музычнай выразнасці. Важнейшымі стылявымі вытокамі музыкі кампазітара з’яўляецца старажытнаславянская і сучасная музычная паэтыка, што вызначае сваеасаблівасць выразных сродкаў і вобразнасці сачыненняў.

       Першыя “пробы пяра” Кандрусевіча У.П. як прафесійнага кампазітара – творы не толькі малой, але і буйной формы. Гэта паэма, кантата, балет, якія сведчаць аб шырыні інтарэсаў і шматграннасці творчай натуры. Кампазітара прыцягваюць нацыянальная гісторыя і сучаснасць, найноўшая музыка і старажытныя жанры.

        У сцэнічнай музыцы Кандрусевіч У.П. імкнецца да жанравага сінтэзу, збліжаючы мюзікл з акадэмічнай операй, і абагачення маляўнічай палітры аркестра. Шмат твораў кампазітара звязана з нацыянальнай тэматыкай, якая раскрываецца альбо праз прызму гістарычных вобразаў і жанравасці, альбо шляхам украпвання ў музычны кантэкст спецыфічных рысаў народнага мастацтва.

       Найболь інтэнсіўна Кандрусевіч У.П. працуе ў галіне тэатральнай музыкі. Ён аўтар балетаў “Крылы памяці” (лібрэта В.Елезар’ева), “Мефістофель” (лібрэта В.Бутрымовіча), “Мефіста”, мюзіклаў “Джулія”, “Шклянка вады”, “Афрыка” і іншых.   

        Асаблівую сферу мастацкіх інтарэсаў Кандрусевіча У.П. яўляе прыкладная музыка. Кампазітар аформіў мноства драматычных і лялечных спектакляў, тэле- і кінафільмаў, радыёпастановак. Сярод якіх: “Даходнае месца” А.Астроўскага, “Блакітная ружа” Т.Уільямса, “Нежанаты мнагажэнец” Мальера, “Каханне ў стылі барокка” Я.Стэльмаха, “Клеменс” К.Саі, “Непаразуменне” А.Камю,  “І быў дзень” А.Дударава, “Петэр Мунк і

каменнае яго сэрца” В.Гаўфа, “Старадаўняя казка” і “Ноч на Івана Купалу” Ю.Куліка, “Пінская шляхта” паводле Дуніна-Марцінкевіча, “Усё яго жыццё” паводле Я.Габрыловіча, “Рэвізор” М.Гогаля, “Сон у летнюю ноч” Шэкспіра, “Звычайны цуд” Я.Шварца, “Вішнёвы сад” А.Чэхава, “Сястра мая русалачка” Х.Андэрсена  і шмат іншых.

         Вобразнасцю, дакладнасцю музычнай інтанацыі вылучаецца музыка кампазітара для дзяцей, у тым ліку да лялечных спектакляў. Сярод іх: “Віні-Пух і ўсе, усе, усе…” паводле А.Мілна, “Прыгоды Бураціна ў краіне дурняў” паводле А.Талстога, “Гісторыя снежнай каралевы”  Х.Андэрсена, “Рыгорка – ясная зорка” А.Вярцінскага і іншыя.

        Наогул,  кампазітарам створана музыка больш за 200 пастановак айчыных і замежных тэатраў. Пастаноўкі ідуць на сцэнах Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі, тэатра оперы і балета ў Ніжнім Ноўгарадзе, Беларускім дзяржаўным музычным тэатры, Беларускім тэатры імя Я.Купалы, Беларускім тэатры імя Я.Коласа, Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі, МХАТе імя А.Чэхава (Масква), драматычным тэатры Беластока (Польша), тэатры “Бай Паморскі” г.Торунь (Польша), Беларускім тэатры юнага гледача,  тэатрах лялек Цверны, Каўнаса, Магдэбурга, Любліна, Цюмені

       На Беларускім тэлебачанні ўбачылі свет тэлеспектаклі: “Капялюш чараўніка” і “Млечны шлях” паводле К.Чорнага. Вялікім поспехам слухачоў карысталіся  радыёспектаклі: “Дар ляснога цара” (С.Клімовіч), “Кошка, якая  сама па сабе блукала” паводле Р.Кіплінга, “Апошняя пастараль” паводле А.Адамовіча. 

        За апошнія некалькі гадоў Кандрусевіч У.П. стварыў музыку да шэрагу  спектакляў, якія былі пастаўлены на сцэнах не толькі беларускіх тэатраў, але і за мяжой. Гэта: мюзікл для дзяцей “Афрыка” (лібрэта А.Пранчака), драматычны спектакль “Ты помнишь, Алёша…” А.Дударава,  музычная камедыя “Натуры злой належны плён” паводле п’есы “Недоросль” Д.Фанвізіна, п’еса “Муж и жена”  А.Фрэдра, п’еса “Мольер или Кабала святош” М.Булгакава, драматычны спектакль “Дядюшкин сон” М.Дастаеўскага, лялечны спектакль “Соловей” Х.Андэрсана, драматычны спектакль“А зори здесь тихие” Б.Васільева, музычная легенда “Ладдзя роспачы” У.Караткевіча.  У бягучым годзе на сцэне Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача адбудуцца прэм’еры двух п’ес: У.Шэкспір “Марныя намаганні каханья” у пастаноўцы маскоўскага рэжысёра Н.Шэйко, Дзюндзі Кінасіта “Журавлиные перья”.

        Творы Кандрусевіча У.П. з’яўляюцца лаўрэатамі і дыпламантамі міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў. За значны ўклад у развіццё  беларускага музычнага мастацтва ў 2003 годзе кампазітар Кандрусевіч У.П. атрымаў Ганаровую грамату Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

        Творы кампазітара  займаюць пачэснае месца ў нацыянальнай музычнай культуры, садзейнічаюць яе далейшаму развіццю, што дае падставу для вылучэння кандыдатуры Кандрусевіча У.П. за музыку да тэатральных пастановак  створаную за перыяд с кастрычніка 2004 г. па верасень 2005 г.:  музычнай камедыі “Натуры злой належны плён” паводле п’есы “Недоросль” Д.Фанвізіна, пастаўленай на сцэне Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача; камедыі “Муж и жена” паводле п’есы  А.Фрэдра, пастаўленай на сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я.Коласа, п’есы “Мольер или Кабала святош” М.Булгакава пастаўленай на сцэне театра беларускай драматургіі; лялечнага спектакля “Соловей” Х.Андэрсена, пастаўленага на сцэне Апольскага тэатра куклы і акцёра Алуіза Смолкі (Польша),  камедыі “Дядюшкин сон” М.Дастаеўскага, пастаўленай на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага, драматычнага спектакля “А зори здесь тихие” Б.Васільева, пастаўленага на сцэне Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача; музычнай легенды “Ладдзя роспачы” паводле твора У.Караткевіча, пастаўленай на сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я.Коласа на суісканне Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

 

gallery/бск лого 2

Ссылки: