Белорусский союз композиторов

 

Курьян Владимир Митрофанович

Уладзімір Кур’ян – адзін з найбольш таленавітых і плённых беларускіх кампазітараў. Сярод яго твораў – дзве оперы, дзве шматчасткавыя вакальна-сімфанічныя паэмы, іншыя буйныя аркестравыя опусы, вялікая колькасць камернай і безліч так званай прыкладной музыкі, высокі прафесійны ўзровень якой дазваляе ёй гучаць і самастойна, як гэта бывае з лепшымі саўнд-трэкамі да расійскіх і заходніх фільмаў. Невыпадкова двайны магнітаальбом кампазітара, дзе значную частку займала музыка да спектакляў, хутка стаў рарытэтам. А новы праект “Музычныя вечары ў Купалаўскім” у Каміннай зале тэатра пачаўся менавіта з аўтарскай вечарыны У.Кур’яна, якая адбылася ў ліпені 2019 г.

У. Кур’ян – яркі прадстаўнік той рэдкай, малаколькаснай катэгорыі творцаў-вынаходнікаў, якія не проста развіваюць і рухаюць наперад нашу нацыянальную культуру, а шукаюць у ёй новыя шляхі. Кожны яго твор уяўляе сабой нейкую незвычайную знаходку. Пазней тыя творчыя адкрыцці падхопліваюцца і развіваюцца іншымі аўтарамі, што пашырае мастацкія гарызонты і прыводзіць да стварэння суцэльнай тэндэнцыі, уплывовай для культурнай прасторы не толькі Беларусі, але і замежжа.

Сярод самых, бадай, перспектыўных напрамкаў, шмат у чым складзеных у беларускай музыцы намаганнямі У. Кур’яна, – пошукі ў галіне новых гучанняў і тэмбравых фарбаў, а таксама схільнасць да інструментальнага тэатра. Абедзве гэтыя тэндэнцыі – адны з самых запатрабаваных у Еўропе і свеце. Іх вырошчванне У. Кур’янам на беларускай глебе мае адметныя нацыянальныя рысы: замест “чыстага” эксперымента, які пазіцыянуе “музыку дзеля музыкі”, кампазітар заўсёды засноўвае свае творы на яркай вобразнасці, што выклікае шмат самых разнастайных асацыятыўных сувязяў і, адпаведна, глыбінна філасофскіх сэнсаў. Але ўсе гэтыя пласты ён звычайна прыпадносіць без залішніх мудрагельстваў – наадварот, з тым гумарам і прыцягальнай лёгкасцю, што бываюць даступны толькі сапраўдным майстрам, бо засноўваюцца не столькі на сухім разліку, колькі на інтуіцыі, імклівым палёце думкі. Не дзіва, што творы У. Кур’яна карыстаюцца такім попытам як сярод выканаўцаў, так і сярод слухачоў, прычым розных узроўняў: камусьці даспадобы сама гульнёвая манера выкладання музычнага матэрыялу, а хтосьці з радасцю пачынае знаходзіць у музыцы ўсё новыя і новыя зместы.

Місія кампазітара як першаадкрывальніка распаўсюджваецца не толькі на беларускую культуру. Дзякуючы У. Кур’яну, менавіта Беларусь можа лічыцца радзімай першай рок-оперы на былой савецкай прасторы: яго “Масфан” па ўласным лібрэта быў напісаны раней, чым добра раскручаная пастаноўка “Арфей і Эўрыдыка” расійскага кампазітара А. Журбіна. Нашаму творцу належыць першынство ў пашырэнні тэмбравых магчымасцяў такіх музычных інструментаў, як альт (“Чатыры сны” для альта сола), валторна (“Залатая ліхаманка” для чатырох валторнаў) і асабліва беларускія цымбалы. У сваім знакамітым Канцэрце для цымбалаў з аркестрам, які стаў сапраўдным хітом беларускай акадэмічнай музыкі, кампазітар прапанаваў ігру не цымбальнымі палачкамі, а ключом для настройкі інструмента, а таксама вынайшаў цымбальную “сурдзіну” ў выглядзе перацягвання струн стужкай. Гэтыя ж прыёмы былі часткова выкарыстаны ў Канцэрціна для цымбалаў з аркестрам, якое зрабіла фурор на класічным “Еўрабачанні-2012” у Вене.

Шырокае выкананне музыкі У. Кур’яна за мяжой – паказальнік адпаведнасці яго твораў найноўшым сусветным тэндэнцыям, уменне кампазітара не толькі ісці па іх шляху, але і шмат у чым іх прадбачыць. Апярэджванне кампазітарам часу выявілася і ў яго оперы “Фантазія” на ўласнае лібрэта паводле К. Пруткова. Твор быў пастаўлены сіламі Опернай студыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі амаль праз трыццаць гадоў пасля напісання, дый тое ў новай рэдакцыі, больш традыцыйнай за пачатковую рэвалюцыйна-эксперыментальную.

Апошнім часам кампазітар перажывае сапраўдны творчы ўздым. Гэта пацвердзілі і яго аўтарскія вечары ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі (2005, 2009, 2016 гг.), і шматлікія творчыя сустрэчы з маладымі і юнымі музыкантамі, і нядаўнія канцэрты да 80-годдзя Беларускага саюза кампазітараў, дзе прагучала шмат кур’янаўскіх прэм’ер, і цікавасць да іх з боку даследчыкаў сучаснай беларускай музыкі.

Н.Бунцэвіч

gallery/бск лого 2

Ссылки: