Белорусский союз композиторов

 

Поплавский Евгений Владимирович

Яўген Паплаўскі нарадзіўся 20.9.1959 г. у мястэчку Поразава Гро​дзен​скай вобласці. Скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі) па класе Iгapa Лучан​ка i Дзмітрыя Смольскага ў 1986 г. Стажыраваўся пад кіраўніцтвам Сяргея Сланімскага ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі, дзе браў удзел у майстар-класах Тон дэ Леюва. У 1991 г. па яго ініцыятыве ў Мінску быў арганізаваны Міжнародны фестываль сучаснай камернай музыкі, які праводзіўся кожныя два гады да 1995 г.

З 1997 па 1999 г. атрымліваў стыпендыю польскага ўрада, якая дала мажлівасць працаваць у Гданьску ў Акадэміі музыкі імя Станіслава Ма​нюшкі над творам для сімфанічнага аркестра «Барбара Радзівіл» i сту​дыі электраакустычнай музыкі Акадэміі музыкі ў Кракаве над уласным творчым праектам. Удзельнічаў у летніх курсах Acanthe 2000 / Ircam.

На Нацыянальным конкурсе кампазітараў, прысвечаным 500-годдзю Францыска Скарыны (1991), атрымаў II прэмію за сімфонію «Lux aeterna» для тэнара, хору i сімфанічнага аркестра на словы Лявона Эміліта. Яе прэм’ера адбылася 21 сакавіка 1997 г. падчас святкавання 1000-годдзя Гданьска (Сімфанічны аркестр Балтыцкай філармоніі, хоры Акадэміі музыкі і Гданьскага ўніверсітэта, тэнар – Пётр Кусевіч, дыры​жор – Зыгмунт Рыхарт). У студзені 2000 г. на Міжнародным конкурсе кампазітараў «Jihlava-2000» у Празе яго харавы цыкл «Пагода ўжо поз​няй восені» на словы Леапольда Стафа атрымаў II прэмію ў намінацыі «Творы для камернага хору». Прэм’ера цыкла адбылася ў 2002 г. на 45-м Міжнародным фестывалі харавой музыкі ў Празе (Кракаўскі камер​ны хор, дырыжор – Моніка Бахоўска).

У 2002 г. па замове Эксперыментальнай студыі Польскага радыё ў Варшаве iм быў напісаны «Шлях у Аблокі ІІ» для гобоя, ударных інструментаў i камп’ютара. Твор быў рэалізаваны ў студыі электраакус​тычнай музыкі Акадэміі музыкі ў Кракаве. Прэм’ера адбылася на Міжна​родным фестывалі «14. Дні музыкі кракаўскіх кампазітараў» (Марыюш Пэндзялак – габой, Ян Пільх – ударныя інструменты, Матэвуш Бень – праекцыя гуку). У мai 2004 г. гэты твор прадстаўляў Эксперыментальную студыю Польскага радыё на міжнароднай трыбуне электраакустычнай музыкі ЮНЕСКА ў Рыме (IREM 2004).

Па замове Міжнароднага фестывалю сучаснай музыкі «Варшаўская восень» напісаны творы для інструментальнага ансамбля «Святло на шляху» (2000) і «Маё – Ёй» (2005), якія былі выкананы ансамблем салістаў «Класік-авангард» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава.

У 2013 г. па замове кракаўскага аддзялення Саюза кампазітараў Польшчы ў рамках праграмы «Zamówienia kompozytorskie 2013», якая была здзейснена праз Instytut Muzyki i Tańca, быў напісаны цыкл «Пожні» для змешанага хору без суправаджэння на словы Уладзіміра Жылкі і Ларысы Геніюш. Прэм’ера цыкла адбылася 15 снежня 2013 г. падчас аўтарскага канцэрта кампазітара ў Кракаве (вакальны ансамбль SINGET, дырыжор – Марыя Янушкевіч). Яшчэ восем аўтарскіх канцэртаў кампазітара з поспехам прайшлі ў Мінску (2011, 2015,2016,2017,2019), Кракаве (2015, 2017) і Познані(2017).

Творы Я. Паплаўскага выконваліся на міжнародных фестывалях сучаснай музыкі ў Аргенціне, Бразіліі, Германіі, Даніі, ЗША, Іспаніі, Італіі, Літве, Мексіцы,Нідэрландах, Польшчы, Расіі, Украіне і Чэхіі. Яго твор​часць увасоблена на васьмі монаграфічных кампакт-дысках.

Яўген Паплаўскі актыўна цікавіцца гісторыяй музычнага жыцця ў Бeлapyci. Ён з’яўляўся адным з заснавальнікаў i дырэктарам (да 1996) Нацыянальнага тэатральна-канцэртнага аб’яднання «Беларуская Капэ​ла», створанага ў 1992 г., мэтай якога з’яўляецца пошук, вывучэнне i ўвядзенне ў выканальніцкую практыку старадаўняй беларускай музыкі. Праца Яўгена Паплаўскага ў архівах бібліятэк Лондана, Кракава, Варшавы, Познані, Гданьска i Санкт-Пецярбурга была плён​най. Знойдзеныя матэрыялы сталі асновай рэпертуару штогадовага фесты​валю «Адраджэнне беларускай капэлы». Ён таксама з’яўляецца аўтарам сцэнарыя балета «Тэагонія» паводле аднайменнага твора Гесіёда (VIII ст. да н. э.), у якім уз​ноўлены прынцыпы нясвіжскага тэатра, заснаванага ў 1740 г. Уршуляй Радзівіл (1705–1753). Паводле яго драматургічнай ідэі ў 1995 г. быў пастаўлены балет «Паланэз» на музы​ку Mixaлa Клеафаса Агінскага (1765–1833). У 2008 г. Яўген Паплаўскі сумесна з Расійскай нацыя​нальнай бібліятэкай і Польскім інстытутам у Санкт-Пецярбургу засна​ваў серыю нотных выданняў «Музычная спад​чына Рэчы Паспалітай з Расійскай нацыянальнай бібліятэкі». Свет пабачылі ўжо 12 сшыткаў серыі.

У электронным выданні 2013 г. на 2 дысках DVD, прысвечаных аднаму з самых унікальных творцаў ХІХ ст. Юзафу Ігнацыю Крашэў​скаму (1812–1887), раздзел «Музычнае мастацтва» складаецца з матэ​рыя​лаў, знойдзеных і даследаваных Я. У. Паплаўскім. Выданне падрых​тавана ў рамках Міжнароднага праекта пры падтрым​цы Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА.

Член Саюза кампазітараў Беларусі (1989) і Związku Kompozytorów Polsĸich (2011).

 

Спіс асноўных твораў Я. У. Паплаўскага

Саната для альта і фартэпіяна (1984). 10'22''.

«Тры вершы Афанасія Фета» для змешанага хору без суправаджэн­ня (1984). 10'12''.

«Quo vadis» для сімфанічнага аркестра (1985). 17'50''.

«Бацькаўшчына» – кантата для тэнара, баса, падвойнага змешанага хору і сімфанічнага аркестра на словы Ніла Гілевіча і Ларысы Геніюш (1986). 21'10''.

«Званы маёй Русі» – кантата для змешанага хору, дзвюх арф, фартэпіяна і ўдарных інструментаў на словы Аляксандра Пушкіна, Афанасія Фета і Мікалая Рубцова (1986). ≈ 12'.

Музыка для альта, фартэпіяна і струнных памяці ксяндза, доктара тэалогіі Станіслава Глякоўскага (1987). 14'26''.

«Мой ціхі дом» – канцэрт для змешанага хору без суправаджэння на словы Янкі Купалы, Якуба Коласа і Ларысы Геніюш (1988). 19'55''.

«Ноч» – цыкл для барытона і фартэпіяна на словы Алеся Гаруна (1989). ≈ 12'.

«Lux aeterna» – сімфонія для тэнара, змешанага хору і сімфанічнага аркестра на словы Лявона Эміліта (1990). 22'49'' (II прэмія Нацыяналь­нага конкурсу твораў, прысвечаных 500-годдзю Францішка Скарыны, 1991).

«Поразава» – эскізы для сімфанічнага аркестра (1991). 14'34''.

«Люди лунного света» – пластычныя сцэны для балетнай групы, гітары, струннага квартэта і ўдарных інструментаў (1991–1995). ≈ 33'.

«Dea Luna» для сімфанічнага аркестра (1996). 14'33''.

«Refraction» для аргана і ўдарных інструментаў (1997). 8'30''.

«Pogoda późnej już jesieńi» – цыкл для змешанага хору і ўдарных інструментаў на словы Леапольда Стафа (1998). 12'12'' (II прэмія Міжна­роднага конкурсу кампазітараў «Jihlava-2000» у Празе, Чэхія).

«Карозія часу» – электронная сімфонія (1999). 18'49''.

«Лунаючы ў прасторы» для камп’ютара (1999). 7'.

«Супрасльскай Мадонне» – тры выбраныя распевы з «Супрасль­скага ірмалагіёна» (1598–1601) для змешанага хору без суправаджэння (1999). 6'55'' (па замове Міжнароднага фестывалю сучаснай музыкі «Дні музыкі кракаўскіх кампазітараў», Польшча).

«Святло на Шляху» для інструментальнага ансамбля (2000). 6' (па замове Міжнароднага фестывалю сучаснай музыкі «Варшаўская во­сень», Польшча).

«Шлях у Аблокі» для інструментальнага ансамбля (2001). 6'41''.

«Шлях у Аблокі II» для габоя, ударных інструментаў і камп’ютара (2002). 12'32'' (па замове Эксперыментальнай студыі Польскага радыё ў Варшаве, Польшча).

«Пяць выбраных распеваў» з «Супрасльскага ірмалагіёна» (1598–1601) для змешанага хору без суправаджэння (2003). ≈ 10'.

«Брама» для інструментальнага ансамбля (2003). 6'57''.

«Усяношнае чуванне Давыдкаўскага ірмалагіёна» (канец XVII – пачатак XVIII ст.) – для змешанага хору без суправаджэння (2004). 9'54''.

«Адвечнасць» – цыкл для цымбалаў-альт і фартэпіяна (2005). ≈ 11'57''.

«Маё – Ёй» для інструментальнага ансамбля (2005). 8'14'' (па замове Міжнароднага фестывалю сучаснай музыкі «Варшаўская восень», Польшча).

«На Нараджэнне Хрыстова і Каляды» – цыкл для змешанага хору без суправаджэння (2006). ≈ 17'31''.

«Родныя вобразы» – кантата для змешанага хору і ўдарных інстру­ментаў на словы Янкі Купалы, Якуба Коласа (2007). 16'29''.

«Відзежы» – цыкл для цымбалаў-альт і фартэпіяна (2007). ≈ 7'30''.

«Шлях у Аблокі III» для фартэпіяна і струнных (2008). ≈ 12'.

«Con amore…» – цыкл для флейты, віяланчэлі і фартэпіяна (2010). 8'39''.

«Сінявокая ноч» – цыкл для змешанага хору без суправаджэння на словы Максіма Багдановіча (2011). 9'51''.

«In the Moonlight» для віяланчэлі і фартэпіяна (2012). ≈ 19'45''.

«Пожні» – цыкл для змешанага хору без суправаджэння на словы Уладзіміра Жылкі і Ларысы Геніюш (2013). ≈ 12' (па замове кракаўскага аддзялення Саюза кампазітараў Польшчы ў рамках праграмы Zamówienia kompozytorskie 2013).

«Шлях у Аблокі IV» для 15 выканаўцаў (2014). ≈ 10' (па замове Stowarzyszenia Autorów ZA i KS).

«Missa brevis» для жаночага хору без суправаджэння (2015). ≈ 16'25''.

«Бэзавы вечар» для віяланчэлі і фартэпіяна (2015). ≈ 7'.

«Малітвы» для жаночага хору без суправаджэння на кананічныя лацінскія тэксты (2016). ≈ 8'12''.

“З дум вандроўніка” цыкл для жаночага хору без суправаджэння на словы Міхася Машары (2017). ~ 7’.

 “Адценні хараства” пяць хораў для жаночых галасоў на словы Наталлі Арсенневай і Ларысы Геніюш (2017). ~ 10’.

“Вясновы пульс зямлі” кантата для жаночага хору без суправаджэння на словы Ніла Гілевіча, Наталлі Арсенневай, Уладзіміра Хадыкі, Алеся Гаруна (2018). ~ 20’.

“Тры хоры на словы Ўладзіміра Дубоўкі, Леапольда Стафа і Яна Чыквіна” для змешанага складу без суправаджэння (2019). ~ 8’.

 

Харавыя зборнікі Я. У. Паплаўскага

1. Паплаўскі, Я. Ветразь залатога сонца – Żagel złotego słońca: творы для змешанага хору / Я.Паплаўскі. – Мінск: Instytut Polski, 2000. – 42 с.

2. Паплаўскі, Я. Родныя вобразы : кантата для змешанага хору і ўдар­ных інструментаў на словы Я. Купалы і Я. Коласа: вучэб.-метад. дапам. / Я.Паплаўскі; уступ. арт. Н.П. Яканюк. – Мінск, 2008. – 40 с.

3. Паплаўскі, Я. Усяношнае чуванне Давыдкаўскага ірмалагіёна (ка­нец XVII – пачатак XVIII ст.) для змешанага хору без суправаджэння: вучэб.-метад. дапам. / Я.Паплаўскі; уступ. арт. Н. Бунцэвіч. – Мінск, 2008. – 36 ст. – (Серыя «Музычная спадчына Рэчы Паспалітай з Расій­скай Нацыянальнай бібліятэкі»).

4. Паплаўскі, Я. У. На Нараджэнне Хрыстова і Каляды: харавы цыкл для змешанага хору / Я.У.Паплаўскі. – Мінск: А.М.Вараксін, 2007. – 32 с.

5. Паплаўскі, Я.У. Харавы клас: сшытак І : Супрасльскай  Мадонне :  хрэстаматыя / Я.У.Паплаўскі; М-ва культуры Рэсп. Беларусь, Беларус.дзярж. ун-т культуры і мастацтваў. – Мінск : БДУКМ, 2017. – 60 c.  

    

 

 

gallery/фото4

Ссылки: