Белорусский союз композиторов

 

Залётнев Олег Борисович

Сваю пачатковую музычную адукацыю Залётнеў А.Б. атрымаў у дзіцячай музычнай школе №3 г.Мінска. Затым падоўжыў яе ў Мінскім музычным вучылішчы імя М.Глінкі (аддзяленне тэорыі музыкі), якое скончыў у 1968 г. Пасля працы ў Маладзечненскім музычным вучылішчы, у 1969 г. паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А.Луначарскага на аддзяленне кампазіціі (клас дацэнта П.П.Падкавырава) і скончыў яе ў 1974 г., а ў 1984 г. -  асістэнтуру-стажыроўку (клас професара Я.А.Глебава).

     Пасля заканчэння кансерваторыі Залётнеў А.Б. пэўны час працаваў у інстытуце павышення кваліфікацыі работнікаў культуры, выкладчыкам у дзіцячых музычных школах г.Мінска (№№1,3,6,17), Беларускай акадэміі музыкі, Беларускай акадэміі мастацтваў (зараз з’яўляецца мастацкім кіраўніком курса гукарэжысуры, дацэнт), Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў; загадчыкам музычнай  і  літаратурнай частак розных театраў (Маладзёжны тэатр, тэатр беларускай драматургіі, абласны драмтэатр г.Маладзечна, тэатр “Зніч” (Белдзяржфілармонія), Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі; спецыяльным карэспандэнтам і намеснікам дырэктара канала «Культура» Беларускага радыё (доўгі час вёў аўтарскую  фондавую перадачу «Ля раяля аўтар» (размовы з беларускімі кампазітарамі) і аўтарскую праграму ў прамым эфіры “Дыялогі аб культуры”); дыректарам – мастацкім кіраўніком “Філармоніі для дзяцей і юнацтва”, “Бюро па рабоце з таленавітай творчай моладзью” Белдзяржфілармоніі. З 1978 г. з’яўляецца  членам Саюза кампазітараў СССР і Беларускага саюза кампазітараў (на працягу многіх з’ездаў  выбіраўся членам праўлення). Акрамя таго, з’яўляецца членам творчых саюзаў кінематаграфістаў, тэатральных і музычных дзеячоў (член праўлення мінскай арганізаціі).

     За час творчай дзейнасці  напісаў  творы ў розных жанрах: сімфоніі, канцерты для розных інструментаў, для аркестра беларускіх народных інструментаў, араторыю, кантату, Літургію, Месы, балеты, опера , струнныя квартэты, творы для камернага аркестра,  камерных ансамбляў, аргана,  мюзыклы, музыкачьна-пластычныя драмы, музыку да  90 спектакляў, 30 кіна- і телевізійным фільмам, хоры, рамансы, песні, камерна- інструментальныя творы і г.д..

     Творчасць кампазітара мае розныя вытокі. Адна з іх ­– народнае мастацтва, якое надае творам сваеасаблівы каларыт (паэма-карціна “Купальская ноч” для аркестра беларускіх народных інструментаў, драматычная араторыя “Лісткі календара” для паэта, салістаў, хора і сімфанічнага аркестра з удзелам беларускіх фальклорных інструментаў). Другі – мастацтва ХХ стагоддзя (канцэрт для голасу з аркестрам, канцэрт для ўдарных “Крэда”, канцэрт для аргана і ударных, “Тры кадэнцыі” для аргана, “Тэатральны дывертысмент”, “Краявід-86”).

     Залётнеў А.Б. належыць да таго пакалення беларускіх кампазітараў, творчы шлях якіх пачаўся ў 70-ых  гадах. У той час з’явіліся яго першыя прафессійныя творы, у якіх ужо досыць выразна праявіліся рысы мастацкай індывідуальнасці аўтара. “Адажыо далароза” і “Камерная сімфонія” увайшлі ў рэпертуар камерных аркестраў, а Мінскім камерным аркестрам былі запісаны на пласцінку.

     Ярка заявіўшы сябе ў 70-я гады кампазітар прыцягваў да сябе ўвагу ў 80-ых творамі, якія вызначаюцца меладычнасцю, распеўнасцю, гукапіснай маляўнічасцю, нацыянальным каларытам. Пра араторыю “Лісткі календара” у артыкуле газеты “Савецкая культура” народны артыст СССР Яўген Глебаў пісаў, што гэты твор “…нацыянальны не толькі па тэме, але і па духу: бачыш фарбы, адчуваеш пах нашай зямлі”.

     90-я гады Залётнеў А.Б. адзначыў цікавасцю да духоўнай музыкі і сцэнічных жанраў. У гэты часён напісаў “Літургію”, якую выконвалі многія беларускія хоры на розных фестывалях, конкурсах, проваслаўных царкоўных святах, канцэртах не толькі на радзіме, але і далёка за яе межамі, а ў Нацыянальным акадэмічным дзяржаўным тэатры імя М.Горкага доўгі час з поспехам ішоў спектакль “Благаславі нас, Божа” (сумесна з кампазітарам С.Бельцюковым). Па заказу музычнай капэлы “Санорус” была напісана “Несвіжская меса” (на падставе  рукапісаў ХVIII ст.). У гэты час найшлі сваё сцэнічнае ажыццяўленне балет “Кругаверць”, мюзыкл “Дапытлівая сланяня” (спектакль ідзе і сёння ў Беларусі, Украіне, Польшчы), вадэвілі “Пісаравы імяніны”, “Паваліўся нехта”, музычна-пластычная драма “Вузкі шлях” (пастаўлены да дзесяцігоддзя чарнобыльскай аварыі), і “Апошняя пастараль”. У творчасці 90-х гадоў кампазітар звяртаецца давостра сучасных сродкаў музычнай выразнасці, вынаходліва спалучаючы іх са старадаўнімі жанрамі і формамі. На гэтым шляху яго напаткалі творчыя удачы, якімі сталі першыя ў гісторыі беларускай музыкі Канцэрт для ударных “Крэда” і канцэрт для аргана і ударных.

      У апошнія гады Залётнеў А.Б. працягвае працаваць у жанрах духоўнай музыкі (харавыя творы на літургічныя тэксты,  “Святая імша” на кананічны тэкст у перакладзе на беларускую мову, “Чарнобыльскі рэквіем” , “Любоў святая” для голаса з аркестрам), сцэнічнай музыкі (першая беларуская рамантычная монаопера “Адзінокі птах” і музычная драма “Пачакай, сонца”, пастаўленыя ў Белдзяржфілармоніі, знаходзяцца ў рэпертуары і паказваюцца на розных конкурсах і фестывалях на сцэнічных пляцоўках Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы), мюзікл “Страсці па Сервантасу”, музыка да спектакляў “Ладдзя роспачы” і “Забыты скарб” паводле твораў У.Караткевіча, “Трыбунал” па п’есе А.Макаёнка і інш.

     Але свае першыя спробы ў кампазітарскай творчасці ён распачаў задоўга да гэтага. Яшчэ ў школьныя гады прымаў удзел у спектаклях тэатральных студый. Менавіта там і пачаліся першыя спробы сачынення музыкі, шчырае захапленне тэатрам, тонкае адчуванне складанай і патрабавальнай прыроды сінтэтычнага музычна-тэатральнага жанру.

     Плёнам гэтай захопленнасці пазней з’явілася музыка да  цэлага  шэрагу самых розных тэатральных спектакляў, кінафільмаў, радыё і тэлепастановак. Праца ў галіне “прыкладных жанраў” стала для Залётнева А.Б. сваеасаблівай творчай лабараторыяй. Менавіта яна дала кампазітару трапнае адчуванне вобразнай характарыстычнасці і драматургічнай стройнасці музычнай кампазіцыі, абвострыла схільнасць да эксперыменту, да свабоднага выкарыстання музычна-стылістычных сродкаў, да пошуку меладычнай выразнасці.

     Творчыя пошукі кампазітара ў прыкладных жанрах, даюць свежыя парасткі ў жанрах “сур’ёзнай музыкі”. Так музыка да спектакля па творах   М. Танка стала асновай аднаго з самых значных дасягненняў у кантатна-аратарыяльным жанры – драматычнай араторыі “Лісткі календара”, дзе партыю чытальніка выконваў сам аўтар тэкста, а музыка да дакументальнага кінафільма “Пейзаж пасля бітвы” ( на трагічную чарнобыльскую тэму) стала падставай для напісання камернай п’есы “Пейзаж-86” ; музычна -драматургічнае вырашэнне сцэнічнай кампазіціі па творах Я.Купалы надала ідэю для стварэння паэмы-карціны для аркестра беларускіх інструментаў “Купальская ноч”, а некаторыя тэмы з кінафільмаў увайшлі ў партытуру балета “Кругабег”.

     Вялікую ролю ў творчасці Залётнева А.Б. іграе айчынная  і замежная высокая літаратура. Неаднойчы кампазітар звяртаўся да літаратурных вобразаў Я.Купалы, Я.Коласа, А.Міцкевіча, М.Багдановіча,  В.Быкава, У.Караткевіча, М.Танка, А.Вярцінскага, А.Разанава, В.Карамазава, А.Дударава, М.Лермантава, А.Кальцова, В.Хлебнікава, М. Гогаля, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава, А.Астроўскага,  У.Шэкспіра, М.Сервантэса, Лопэ де Вега і іншых.  

     Надзелены прыродным дарам вынаходлівасці, вострым пачуццём новага, арыгінальнага, Залётнеў тым не меньш, ніколі не ставіўся да пошуку новых сродкаў выразнасці як да самамэты. Яны заўсёды падпарадкоўваюцца ў яго творах сур’ёзным творчым задачам.

      Наогул, музыка кампазітара жыве сваім, незалежна ад аўтара, жыццём. Творы, напісанныя яшчэ да навучання ў кансерваторыі (вакальны цыкл “Руская песня” на сл. А.Кальцова,  “Фартэпіанныя мініатюры”)  і  студэнцкія работы (“Адажыо далароза” для струнных інструментаў, струнны квартэт, “Гарэзлівая п’еса” для цымбалаў) выконваюцца на канцэртных пляцоўках і сёння.

     Творы Залётнева А.Б. ўвайшлі  ў програмы і метадычныя зборнікі, выдадзены ў Беларусі і Вялікабрытаніі; запісаны на радыё і телебачанні, грампласцінку; пастаянна гучаць у эфіры, тэатральных пастаноўках,  кінафільмах,  канцэртных залах;  выконваюцца ў Беларусі,  странах блізкага і далёкага замежжа (Расіі, Украіне, краінах Заходняй Еўропы, Амерыцы).

      Артыкулы аб яго творчасці друкаваліся ў газетах, часопісах  і энцыклапедыях (“Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі” 1985г., “Беларуская энцыклапедыя” 1998 г., “Тэатральная Беларусь” 2002 г., “The new grove Dictionari of  Music and Musicians”). Па творах Залётнева  пісалі  і пішуць курсавыя і дыпломныя работы, абаранялі дысертаціі.

     Залётнеў А.Б. часты член журы розных конкурсаў і фестываляў, член розных камісій і мастацкіх саветаў. За сваю творчую і грамацкую дзейнасць неаднаразова атрымліваў  ганаровыя граматы і пашаны.

      З 1978 года Залётнеў А.Б. з’яўляецца членам грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз кампазітараў”.  

 

gallery/бск лого 2

Ссылки: